Юр’я, устань рана, умыйся бела...
Традыцыйна 6 мая нашы продкі ўшаноўвалі святога Юр’я. Выходзілі ў поле, дзе ўжо рунела жыта, умываліся расою, прыносілі падарункі святому заступніку нівы і свойскіх жывёл, выганялі ў поле кароў, коней, коз, танцавалі, вадзілі карагоды, спявалі і частаваліся рытуальнай стравай – яечняй. Гэтае свята мае глыбокія міфалагічныя карані, яно азначала сапраўдны пачатак вясны. Юраўская сімволіка і сёння не да канца вывучаная даследчыкамі фальклору, не ўсе сакрэты разгаданыя, а таму нам яшчэ цікавей назіраць за правядзеннем абраду, адметнага ў кожным з рэгіёнаў краіны.
Гомельшчына: на поле – моўчкі, з поля – спяваючы
Рыхтавацца да свята ў Пагосце на Жыткавіччыне (Гомельская вобласць) пачынаюць яшчэ 5 мая – рашчыняецца цеста для “святочнага карагода” – так тут называюць каравай, які выпякаюць на Юр’я. Прыгатаванне гэтай рытуальнай стравы мае свае адметнасці. Калі пякуць вясельны каравай, то лічыцца, што падчас замешвання цеста ўсё трэба рабіць па адным разе: адзін раз дадаваць яйкі, муку, алей, уліваць малако. Каб гэты каравай быў адзіным вясельным у лёсе маладых. Калі ж рыхтуецца цеста для “карагода”, то наадварот – каб быў багаты ўраджай, і муку, і яйкі, і малако ў цеста дадаёцца як мага больш разоў. Сыплючы муку, у думках жадаюць, каб радзіла жыта, быў добры ўраджай. “Карагод” можа выпякаць любая жанчына, якая не лянуецца, няважна, ці яна ўдава, ці разведзеная.
Дарэчы, упрыгожваюць карагод толькі каласкамі, вылепленымі з цеста. Гэта знак наступнага ўраджаю. А калі пірог ставяць у печ, нікому нельга ні заходзіць у хату, ні выходзіць з яе: кажуць, што гэта прыкмета беднага года. Лічыцца, што старажытнаму забабону можна верыць: “Старыя людзі не былі дурныя”.
Ужо раніцай 6 мая, калі на полі яшчэ ляжыць раса, жанчыны збіраюцца ў хаце дзе пяклі “карагод” і ўпрыгожваюць яго, рыхтуючыся святкаваць Юр’я ўсёй вёскай.
А падчас упрыгожвання каравая спяваюць такую песню:
Карагод-карагод, мы цябе наражаем,
Ой, венцы-венцы, зялёны бярвенцы.
Цябе наражаем, Бога праслаўляем,
Ой, венцы-венцы, зялёны бярвенцы.
Бога праслаўляем, Юр’я прывячаем.
Ой, венцы-венцы, зялёны бярвенцы.
Дарэчы, справа выпякання і ўпрыгожвання каравая – выключна жаночая. Мужчыны таксама прымаюць удзел у абрадзе, але ў іх іншыя заняткі: несці ікону, граблі, звязду, карагод.
Сам абрад пачынаецца яшчэ ў хаце, першыя словы казала гаспадыня хаты: “Давайце пачнём абрад, каб ён нам прынёс добры ўраджай. Гэтае свята ідзе ад дзядоў па нашай спадчыне, штогод тут робяць карагод, каб жыта ўрадзіла.
Перад тым як выйсці з хаты, “карагод” тры разы ўздымаюць угору, просяць у Бога дапамогі, бо “без Бога – ні да парога”. Пасля грамадой удзельнікі абраду ідуць у поле. Дарэчы, ідучы на святкаванне, усе маўчаць. Першымі ў шэсці рухаюцца дзяўчаты, якія нясуць “браму”, складзеную з ручніка, за імі – хлопцы з зоркай і іконай, мужчына з упрыгожаным “карагодам”, музыкант. Таксама ў шэсці нясуць граблі. Калі толькі ідуць на поле, на граблі чапляюць фартух зялёнага колеру, што сімвалізуе цнатлівасць, падрыхтоўку да наступнага ўраджаю. Ужо ў полі, пасля таго як будуць сказаныя рытуальныя словы, паводзяць карагоды, зялёны фартух на граблях заменяць на чырвоны, ён стане сімвалам урадлівасці глебы і новага добрага ўраджаю.
На полі спяваюць такую песню:
...Ведом, ведом корогод – сам Бог наперод!
А ў корогода сын воевода. А ў коромыслі добрые мыслі.
Дзе корогод ходзіць – там жыто родзіць,
А дзе не бывае – там жыто не мае.
Зарадзі, Божэ, жыто да на новае лето,
Да на жыто на пшэніцу, да на ўсяку пашніцу...
А рытуальныя словы гучаць наступным чынам: “Юр’я, устань рана, умыйся бела. Прычашыся, прыбярыся, бяры ключы, ідзі ў стайню, сядлай каня, едзь у поле, адмыкай зямліцу, пускай расіцу. У гаду два Юр’і, абодва дурні. Адзін – халодны, другі – галодны”.
Сыходзяць з поля, як і заходзілі, праз браму-ручнік. Усе ўдзельнікі абраду рухаюцца па вёсцы ўжо з песнямі. Тут гучаць не толькі абрадавыя, але і пазаабрадавыя, жартоўныя спевы. Спыняецца вясёлая грамада каля кожнай хаты, дзе водзяць карагоды, віншуюць з Юр’ем аднавяскоўцаў, жадаюць добрага ўраджаю і здароўя на ўвесь год. А тыя, каго павіншавалі, адорваюць удзельнікаў абраду пачастункамі. Гэта зазвычай яйкі, хлеб ці пірог, цукеркі, гарэлка або проста грошы. Святкаванне заканчваецца агульным вялікім застоллем з пачастункамі. Тут да вечара спяваюць песні, танцуюць танцы, частуюцца смачнымі караваямі.
Юраўскі карагод святкавалі ў Пагосце нават падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Гэты варыянт святкавання Юр’я ўжо больш як дзесяцігоддзе ўваходзіць у спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі.
Магілёўшчына: пакачаемся па расе – каб былі здаровыя ўсе!
А вось у Вяззі, што на Асіповіччыне (Магілёўская вобласць) пачынаецца свята ў полі менавіта з вяснянкі, якую іграе дудар. Удзельнікі абраду заходзяць на поле праз своеасаблівую брамку, зробленую з ручніка. Жанчыны і дзяўчаты нясуць хлеб на ручніку, ікону, галінку вярбы. Маюць яны з сабой і велікодныя яйкі – падарункі Святому Юр’ю са святочнага стала.
Павітаўшыся з нівай, удзельніцы абраду спяваюць песні, кажуць замовы, акрапляюць жыта, прыносяць дары Юр’ю – акрайчык хлеба, велікодныя яйкі: “Як гэта яечка цэленькае і кругленькае, няхай мая скацінка будзе сытая і поўная”.
Вельмі важнае месца падчас абраду адводзіцца просьбам добрага здароўя для скаціны, каб каровы і козы давалі больш малака. Яны гучаць у песнях, рытуальных словах. Напрыклад, у такой замове: “Ідзі, мая кровачка, на Юр’еву пасцель, на Міколаву траву па вялікія ўдоі, па белыя сыры, па жоўтыя маслы. Я з духам, Святая Прачыстая, са сваімі рукамі па сырой траве расу збіраю, табе, мая каровачка, малака прыбаўляю”.
Лічылася, што ў дзень свята Юр’я раса на ніве валодае гаючай сілай. Ёй мылі твар, мазалі вочы – каб мець добры зрок. А падчас абраду яго ўдзельнікі качаліся па полі, каб набрацца сіл ад зямлі і быць здаровымі на працягу ўсяго года. Важна было падчас свята і павесяліцца, патанцаваць, каб скінуць з цела стому пасля зімы. У Вяззі ў гэты час любяць спяваць вось такую песню:
Карагод вялікі – вуліца малая,
Вох-люлі, вох-люлі вуліца малая.
Недзе таму карагоду раскалыхацца,
Вох-люлі, вох-люлі раскалыхацца.
А хто за старымі, а хто за малымі,
Вох-люлі, вох-люлі, а хто за малымі...
Гродзеншчына: а мы Юр’я сустракаем…
Свята Юр’я на Дзятлаўшчыне ўспрымаецца як вялікае свята, са слоў мясцовых жыхароў – “другі Вялікдзень”, і праходзіць штогод у два этапы: 5 мая – “Сустрэча Юр’я” і 6 мая – “Провады Юр’я”. Ахонаўскі Юраўскі абрад вылучаецца выразнымі лакальнымі адметнасцямі. Акрамя традыцыйнай земляробчай і жывёлагадоўчай тэматыкі, уключае яскрава выяўлены шлюбны змест. Рэгіянальная асаблівасць свята – традыцыйны абыход маладых, якія павянчаліся (узялі шлюб) на працягу года. Аўтэнтычны абрад з Ахонава быў першым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Гродзенскай вобласці, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Мясцовая супольнасць рыхтуецца да свята загадзя. Ручнікамі і кветкамі ўпрыгожваюць крыжы, вакол якіх старанна абкошваюць траву. Гатуюць каўбасы, пірагі, бліны, абавязкова сыр і іншыя пачастункі, каб “пахрыстосавацца” з аднавяскоўцамі і гасцямі.
5 мая ў другой палове дня, бліжэй да вечара, збіраюцца старэйшыя жыхары вёскі, дзеці, госці з іншых мясцовасцей.
З песняй “А мы Юр’я сустракаем…” абрадавае шэсце з канца ў канец вёскі абыходзіць крыжы, прыпыняючыся каля кожнага і просячы ў Святога Юрыя, заступніка сялянскай нівы, “ключы, каб адамкнуць святую
зямліцу…”, “ураджаю на кожную пашніцу..”. Вяскоўцы шчыра просяць добрага надвор’я, багатага ўраджаю, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба.
6 мая ўдзельнікі абраду зноў збяраюцца каля крыжа, што стаіць у пачатку вёскі, спяваюць “Праважаем Юр’я за сяло…”.
Звычайна ў гэты дзень свянцонай вярбой упершыню выганяюць скаціну на пашу. Каб быў добры ўраджай пажадана менавіта ў Юраўскія дні сеюць летнія сарты агуркоў.
Віцебшчына, Полацкі раён, а/г. Блізніца, свята Юр’я https://youtu.be/cCmoGiglKTw
Фестываль “Там по маёвуй росі”, Бельск-Подляскі, Рэспубліка Польша https://youtu.be/neJA-WbGP18
Даследаваны абрад “Выган ската” Камянецкага раёна.
З мэтай даследвання веснавых абрадаў удзельнікамі клуба аматараў фальклору “Катрынка” былі праведзены фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі у весках Амельянец, Ставы, Пяскі, Ваўкастававец, Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. У даслеванай мясцовасці быў выяўлены абрад “Выган ската”, які праводзіуся менавіта на Юр’я.
Як казалі ў гэтай мясцовасці: “Як на Грумныцы нап’ецця півэнь водыцы, то на Юр’я наісця вол травыцы”. “Выган ската” – быў святам для ўсей вескі. Выходзілі і старыя і малыя. З Юр’я пачынала кукаваць зязюля, пагэтаму трэба было абавязкова пры сабе мець грошы, каб яны былі цэлы год не зводзіліся. Кожная гаспадыня старалася каб яе скаціна ў гэты дзень добра выглядала, пагэтаму да Юр’я скаціну добра кармілі. Казалі: “На Юр’я выжэнуть быка, як дурня”. Зранку гаспадыня зашывала у ланцужок на шыі каровы сёлетнюю свячоную соль ці павязвала чырвоную нітку, каб скаціну не зпаўрочылі. Перад выганам на пашу жывелу абходзілі тры разы з запаленай грамнічнай свечкай, білі свячонай на Вербніцу вярбой, крапілі свячонай вадой, каталі свячоным яйкам і прыгаворвалі: “Як гэта яйка гладка і кругла, так і ты кароўка (конік, авечка) будзь гладка і кругла”. Потым гэту вярбу закладвалі за бальку ў хляве, каб яна аберагала скаціну ад нячыстай сілы. На парозе клалі кажух, шэрсцю ўверх, на кажух клалі яйка і хлеб, затым праз кажух праганялі скаціну. Пастух забіраў хлеб і яйка, атрахаў кажух, апранаў яго і не здымаў яго да вечара, а потым гнаў скаціну на пашу.
У пастухі выбіралі маладога спраўнага хлопца, які адказваў за выпас скаціны да восені. Пастуху давалі “прыпаснэ”: сала, хлеб, абавязкова смажылі на выгане яечню. У першы дзень, кожны гаспадар прыпасваў сваю карову: называў яе ласкавымі словамі, гладзіў і дапамагаў пастуху. У далейшым пастуха кармілі па чарзе кожны дзень. Прыпасшы скаціну, усе ішлі ў царкву. Потым накрывалі стол і святкавалі. Вечарам моладзь збіралася на гулянне.
Абрад запісаны са слоў Емельянюк Ніны Міхайлаўны 1943 г.н. вёска Ставы і Кучко Марыі Федараўны 1932 г.н. веска Пяскі.
раскрыть » / « свернуть