У мінулую суботу ў актавай зале Высокаўскай сярэдняй школы прайшоў раённы дзіцячы фальклорны фестываль “Спадчына”. У фестывалі ўдзельнічалі калектывы школ Камянецкага раёна. Традыцыя правядзення фестывалю пачалася ў 2002 годзе. Яго мэта – адраджэнне і зберажэнне фальклорных традыцый роднага краю. Фестываль з’яўляецца адной з форм прэзентацыі традыцыйнай народнай культуры і эфектыўна ўздзейнічае на яе зберажэнне і выкарыстанне. Сёлета фестываль праводзіўся восьмы раз і быў прысвечаны малой радзіме, а таксама дзецям і педагогам, якія зберагаюць яе звычаі і традыцыі. Арганізатарам фестывалю на працягу ўсёй гісторыі яго існавання выступае Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае.
На свята былі запрошаны госці - дзеці беларускамоўнага ліцэя з г.Гайнаўка (Рэспубліка Польшча) са сваімі настаўнікамі, а таксама дэлегацыя гміны Нарэука (Рэспубліка Польшча) на чале з вуйтам гміны Яраславам Галубоўскім.
З прывітальным словам да узельнікаў і гасцей фестывалю звярнулася старшыня праўлення Камянецкага раённага грамадска-культурнага адукацыйнага аб’яднання “Спадчына” Дудар Людміла Рыгораўна. Яна адзначыла, што для ўсіх прысутнічаючых гэта вялікае свята, якое дае нам магчымасць не адрывацца ад сваіх каранёў, захоўваць і перадаваць дзецям традыцыі продкаў, павіншавала ўсіх са святам і пажадала поспехаў удзельнікам фестывалю.
Конкурсная праграма фестывалю была прадстаўлена ў трох намінацыях: “Аўтэнтычны фальклор”, “Народна-сцэнічная творчасць”, “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. Удзельнікі апошняй намінацыі прадставілі свае работы на выставе, арганізаванай у файе школы.
Фальклор – крыніца векавой народнай мудрасці, ён перадае вопыт папярэдніх пакаленняў і з’яўляецца неад’емнай часткай зберажэння духоўнай культуры беларускага народа, яго нацыянальных каранёў. У фальклоры знайшлі адлюстраванне ўсе бакі чалавечага жыцця. Менавіта пагэтаму, ён мае багатую жанравую разнастайнасць: песні, танцы, прымаўкі і прыказкі, вусная народная творчасць. Выступленні калектываў змяшчалі ўсе гэтыя жанры. Гледачы пазнаёміліся з абрадамі “Гуканне вясны”, “Зажынкі”, “Зялёныя святкі” , традяцыямі свята “Юр’еў дзень” і “Вялікдзень”, пабывалі на вячорках разам з навучэнцамі Высокаўскай і Воўчынскай школ, паслухалі калядныя песні . Усе выканаўцы творча падыйшлі да сваіх выступленняў. Важна адзначыць, што для таго, каб вярнуць да жыцця традыцыйныя абрады нашай малой радзімы педагогі разам з дзецьмі па крупінках збіралі матэр’ял і ўвасобілі яго ў выступленнях сваіх калектываў. Можна смела сказаць, што юныя артысты падаравалі гледачам радасць дакранання да вытокаў культурных традыцый.
У перапынку ўдзельнікі свята маглі падмацавацца ў школьнай сталовай, зрабіць памятныя фотаздымкі ў спецыяльна арганізаванай у этнаграфічным стылі фотазоне, пазнаёміцца з экспазіцыяй выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Перад прысутнымі выступіў калектыў узорнага аматарскага аб’яднання “Белавежская цявінка”.
Пры падвядзенні вынікаў журы ўлічвала самабытнасць прадстаўленай праграмы, артыстызм выканаўцаў, адпаведнасць касцюмаў зместу праграмы, пераемнасць і наяўнасць носьбітаў. Такім чынам, пераможцы былі вызначаны ў наступным парадку:
У намінацыі “Аутэнтычны фальклор” першае месца заняў калектыў Відамлянскай сярэдняй школы, дыплом другой ступені атрымаў калектыў Дзмітравіцкай сярэдняй школы, на трэцім месцы – калектыў Каленкавіцкай базавай школы.
Лепшым у намінацыі “Народна-сцэнічная творчасць ” стаў калектыў Высокаўскай сярэдняй школы, на другім месцы - калектыў сярэдняй школы №1 г. Камянца, трэцяе месца падзялілі калектывы Воўчынскай сярэдняй школы і сярэдняй школы №2 г.Камянца.
У намінацыі “Дэкаратыўна –прыкладная творчасць” першае месца заняла Воўчынская сярэдняя школа, другое месца журы прысудзіла Раснянскай сярэдняй школе і на трэцім месцы - Стаўскі дзіцячы садок-базавая школа.
Дыпломы і каштоўныя падарункі ўсім удзельнікам фестывалю ўручыў дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае Дудар Міхаіл Аляксандравіч. Віншаванні і памятныя падарункі атрымалі калектывы школ і ад нашых гасцей з гміны Нарэўка.
Святочнае мерапрыемства прайшло арганізавана і зладжана. Чакаем новых сустрэч.
Педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае Аліна Васілюк.
раскрыть » / « свернуть